Будынак вінаачышчальнага склада (сейчас - центр детского творчества)


16.03.2011   Просмотров: 2215

 


1919 год У  г. Лепелі  на Нова-Чашніцкай вуліцы  ў 1896 г. пачалося  і ў 1897 г. завяршылася   будаўніцтва вінаачышчальнага склада №11. Будынак двухпавярховы, пабудаваны з чырвонай цэглы, на вапнавым растворы, падмурак бутавы.  Пабудаваны як прамысловы будынак па тыпавым  праекце для  вінаачышчальных і вінакурных прадпрыемстваў для павятовых гарадоў у другой палове Х1Х ст.  Пабудаваны ў стылі класіцызму.  У пачатку  пабудаваны прамавугольны ў плане.  Асноўны аб’ём быў аднапавярховы, толькі  ўсходні бок  для падачы сыравіны на вінаачышчальны склад быў двухпавярховы. У цэнтры асноўнай часткі будынка  вычлененая рустам сярэдняя частка была завершана прамавугольным атыкам. На даху першага  паверха  былі размешчаны  коміны  і вокны для вентыляцыі. Лепельскае прадпрыемства па перапрацоўцы спірту, на якім працавала 17 чалавек, са штогадовай перапрацоўкай   33 тыс. вёдзер, пачало сваю работу  ў 1898 г. і дзейнічала да 1908 г.    У 1908 г. склад быў закрыты, а памяшканне было занята павятовым земствам, выбарным органам народнага  самакіравання. У час  лютаўскай рэвалюцыі  1917 г.  у грамадстве   адбываюцца дэмакратычныя пераўтварэнні, праходзяць выбары Саветаў салдацкіх, рабочых і батрацкіх дэпутатаў.  Савецкія органы займаюць адзін  з нямногіх  каменных будынкаў  у Лепелі, будынак  былой земскай управы на Нова-Чашніцкай вуліцы.  5 лістапада 1918 г. па рашэнні Лепельскага павятовага савета дэпутатаў  Нова-Чашніцкая вуліца  была перайменавана   ў Савецкую. У час рэвалюцыйных падзей 1917-1920 гг. будынак  амаль не  пацярпеў.  Было зламана 5 акон, разбураны печы.  Тут  зноў былі размешчаны  савецкія арганізацыі.  У гэты час у будынку аконныя  і дзвярныя праёмы  былі драўляныя, пафарбаваныя. Унутры будынак атынкаваны, пабелены і пафарбованы. Галоўны ўваход  быў  ва  ўсходняй  частцы будынка з Савецкай вуліцы на поўнач.   На фотаздымках 1950-х гадоў захаваўся  парог   і  каваны   металічны казырок, але ўвахадныя  дзверы ў гэты час закладзены.  Будынак працярпеў значныя перабудовы , у сувязі з размяшчэннем у ім органаў улады і асабліва педагагічнага тэхнікума  ў 1929 г.  З  мэтай пашырэння   вучэбных памяшканняў  у  пачатку  1930-х гг.  была праведзена  рэканструкцыя будынка і надбудаваны другі паверх.  Другі паверх быў  пабудаваны  па аналогіі з першым.  Адрозніваецца  знешне  па цэгле,  з якой пабудаваны  другі паверх.  У першай палове 20 ст. таксама   быў  далучаны  вузкім пераходам да  асноўнага  аб’ёма    асобна пабудаваны  аднапавярховы аб’ём.   У 1953 г. было яшчэ пячное ацяпленне.  У гады Вялікай Айчыннай вайны  ў будынку былога вінаачышчальнага склада  размяшчаліся нямецкія акупацыйныя  ўлады.  Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў  будынак вернуты Лепельскаму педагагічнаму вучылішчу.  У будынку былі выбіты вокны, зламаны дзверы і печы. Усходняя частка будынка, дзе  размяшчалася ў  гады вайны нямецкая канюшня,  выгарала  ўсярэдзіне.  Быў праведзены  ў 1944-1950 гг. рамонт.  У 1956 г. па  загаду Міністэрства  асветы  БССР  педагагічнае вучылішча было закрыта і будынак перадалі створанай Лепельскай школе- інтэрнат. Быў распрацаваны “План   будаўніцтва і  прыстасавання будынкаў для  арганізацыі  школ-інтэрнатаў у Віцебскай вобласці на 1956-1957 гг.”,  дзе было  ўказана ”Будынак Лепельскага педвучылішча  прыстасаваць для школы на 150 дзяцей”.  Работы пачаліся ў 1958 г. і  былі завершаны  ў 1960 г.    В 1964 г. быў праведзены  невялікі  рамонт  будынка былога вінаачышчальнага склада.   У  1977 г.  быў праведзены капітальны рамонт.  Да  гэтага  часу адносяцца апошнія значныя змены ў  знешнім выглядзе і ўнутраннай  планіроўцы . У даваенны  і  пасляваенны час быў закладзены галоўны ўваход. На яго месцы цяпер  паўцыркулярнае акно. Закладзена  каля 8 аконных праёмаў на двух паверхах. На месцы асобных акон зроблены запасныя выхады. Змянілася  ўнутраная планіроўка памяшканняў.   Зараз  у будынку  налічваецца   92 вакнаў і 4  уваходных дзвярэй.   10 ліпеня 1992 г. школа-інтэрнат была закрыта, а будынак былога вінаачышчальнага  склада перададзены    Цэнтру  дзіцячай творчасці. Па рашэнні Лепельскага райвыканкама ад 30 лістапада 2006 г.  будынак перададзены аддзелу культуры Лепельскага райвыканкама для размяшчэння  ў ім пасля рэстаўрацыі   Лепельскага раённага краязнаўчага музея. Праектная дакументацыя заказана  ў  ААТ “Віцебскпраектрэстаўрацыя”.

 

 

современный вид

 

   

 

 А.В. Стельмах

 





НА ГЛАВНУЮ