Ажываюць імёны герояў. Бараўкоў Яфрэм Фірсавіч.


02.05.2020   Просмотров: 0

Ажываюць імёны герояў. Бараўкоў Яфрэм Фірсавіч.

У кнізе “Памяць” Лепельскага раёна сабраны імёны тысяч воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінуўшых пры вызваленні нашай зямлі. Аб большасці з іх мы амаль нічога не ведаем, акрамя месца і даты нараджэння, воінскага звання і даты гібелі. Усё далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, усё менш магчымасцяў пазнаць штосьці аб тых, чыі імёны выбіты на абелісках, хто аддаў сваё жыццё за мір і спакой на Беларусі. Таму асабліва прыемна, калі ў Лепельскі музей нават праз шмат гадоў пасля вайны звяртаюцца родныя герояў, якія беражліва захоўваюць сведчанні іх жыцця і подзвіга. Дзякуючы сям’і Савенковых з Мінска напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ажыло імя Яфрэма Фірсавіча Бараўкова, якое значыцца на помніку над брацкай магілай ў в. Чэрцы Лепельскага раёна. Частка дакументаў будзе перададзена ў музей.

 

 

Гартаем старонкі старога альбома і перад намі паўстае жыццё звычайнага чалавека. Нарадзіўся 21 сакавіка 1915 г. ў в. Поймішча Селязнёўскага сельсавета Веліжскага раёна Смаленскай вобласці. У 1937 г. паступіў на завочнае аддзяленне геаграфічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта, працаваў настаўнікам. У тым жа годзе ажаніўся на любай дзяўчыне Юліі, таксама настаўніцы. Ў хуткім часе нараджаецца сын Леў. З пажоўклых ад часу фотаздымкаў глядзяць на нас маладыя вочы закаханых. Яны з упэўненасцю пазіраюць ў будучыню. Ніхто яшчэ не ведаў тады, што лёс рыхтуе ім і мільёнам суайчыннікаў растанне, пакуты і боль ад незаменных страт. Ніхто не ведаў, што звычайным людзям наканавана стаць героямі коштам сваіх жыццяў.

 

 

Знаходзячыся ў складзе Чырвонай арміі з сакавіка 1942 г., Яфрэм выкарыстоўваў кожны вольны момант, каб напісаць ліст жонцы. За пяць месяцаў да яго гібелі яна чытала такія кранальныя радкі: “Добрый день, моя дорогая и милая Юличка! Как скучно и грустно без тебя и как хорошо и приятно было с тобою. Сейчас что бы ни делал, куда бы ни пошел, все чего-то не хватает… и только приходишь в себя, когда начинаешь писать тебе письмо… И когда только мы с тобою встретимся на всю жизнь нашу с тобою? Когда только настанет это время? Скоро ли наступит этот желанный и жданный денек?.. Да, моя милая Юличка, тяжело, тяжело, тяжело без тебя…” Баявы шлях Яфрэма Бараўкова з 1943 г. праходзіў зусім побач з роднымі мясцінамі: у сакавіку ён удзельнічаў ў вызваленні Бельскага раёна Цвярской вобласці, што ўсяго ў 80 кіламетрах ад Веліжскага раёна, дзе знаходзілася Юлія. У канцы вясны 1944 года яны таксама былі вельмі блізка: Яфрэм быў ужо на беларускай зямлі, на Ліозненшчыне, нейкія 100 кіламетраў аддзялялі яго ад каханай. Як гэта было цяжка: быць так блізка і адначасова так далёка, не мець магчымасці пабачыцца…

 

 

Сустрэцца так і не давялося. Замест чарговага пяшчотнага ліста ад мужа прыйшло пазбаўленае пачуццяў сухое паведамленне-пахаронка аб тым, што “старший сержант Боровков Ефрем Фирсович в бою за социалистическую Родину, верный воинской присяге, проявив геройство и мужество был тяжело ранен и умер от ран 5 июля 1944 г. у д. Людчицы Лепельского района Витебской области”.

… Праз 70 год пасля Вялікай Айчыннай вайны, ў Лепелі на канцэрте, прысвечаным Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь, выступала праўнучка Яфрэма Бараўкова – таленавітая дзяўчынка Аліса Савенкова. Над мірным небам гучалі песні аб сяброўстве і каханні, сонцы і вясне. Зараз мір успрымаецца як належнае, але каб захаваць яго на роднай зямлі мы ніколі не павінны забываць імёны вядомых і невядомых герояў з кнігі “Памяць”.

Юлія Пухавіцкая






НА ГЛАВНУЮ